Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў
0/0

Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў

Уважаемые читатели!
Тут можно читать бесплатно Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў. Жанр: Прочее. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн книги без регистрации и SMS на сайте Knigi-online.info (книги онлайн) или прочесть краткое содержание, описание, предисловие (аннотацию) от автора и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Описание онлайн-книги Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў:
Читем онлайн Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 14

У клубе было халодна і знобка. Нават рукі млелі, і даводзілася на іх хукаць ды паціраць далоні. А можа рукі млелі і не ад холаду, а ад хвалявання? Бо выступаць даводзілася перад незнаёмымі людзьмі, якія запоўнілі клуб, і, галоўнае, перад бялявай першакурсніцай. Да свайго сораму, ён нават не спытаў - як яе завуць. Між тым бялянка абвясціла чарговы нумар - і на сцэну выйшаў фокуснік.

Петрыт стаяў за кулісамі і глядзеў, як штукар, голасна ікнуўшы, раз за разам выцягваў з роту тэнісны шарык. Пасля кожнай ікаўкі фокуснік зводзіў вочы да пераносся, і зала гучна рагатала.

- Зараз мы з Дрытэра выступаем, а потым ты выйдзеш, - штурхнуў яго краем акардэона Бяльзацкі, і ў Петрыта ад хвалявання нават спацелі рукі.

Неўзабаве зала выбухнула воплескамі, і Бяльзацкі, прайшоўшыся пальцамі па клавіятуры, рушыў на сцэну.

Загучала «Маленькая кветка», і хваляванне вомігам адступіла. Проста бялянка, што стаяла на другім канцы кулісаў, махнула яму аркушыкам з канцэртнай праграмай, - маўляў, рыхтуйся, зараз твой выхад, - і ён забыўся і пра хваляванне, і пра перапоўненую залу, і пра ўсё на свеце, і бачыў толькі шэравокую дзяўчыну ў сукенцы з «ліхтарыкамі» на плячах.

- Студэнт трэцяга курса Петрыт Прыфці выканае албанскае танга, - пару чалавек ударылі ў ладкі, потым усё аціхла, і ён выйшаў на сцэну. З невядомай прычыны памацаў мікрафон, зірнуў на Дрытэра і сябар, удыхнуўшы паветра, прыклаў вусны да кларнета. Сумная мелодыя паплыла над людскімі галовамі. Яна прыляцела немаведама адкуль і, здавалася, выпадкова загучала тут, у сінім ад папяроснага дыму і людскога дыхання клубе. Неўзабаве, кароткімі акордамі, зайграў Бяльзацкі, і Петрыт наблізіў вусны да мікрафона.

Спачатку ён не пазнаў уласнага голасу - голас злёгку дрыжэў, але не ад хвалявання. Гэта было трымценне шчаслівай дуты. Пасля першага куплету ён мелькам зірнуў за кулісы. Дзяўчына стаяла нерухома, і ля яе ног, на падлозе, ляжаў аркушык з напісанай Бяльзацкім праграмай.

Потым ён спяваў на «біс», нейкая вясковая кабета выйшла на сцэну і працягнула пук мокрых восеньскіх кветак, Бяльзацкі з Дрытэра шматзначна пераглянуліся, і бялявая дзяўчына біла разам з астатнімі ў ладкі і шчасна пасміхалася яму з-за кулісаў.

Пасля канцэрту ў клуб завітаў старшыня калгаса з трыма бутэлькамі гарэлкі і рознымі прысмакамі. І хаця піць гарэлку ім, албанскім студэнтам, было забаронена, Петрыт выпіў паўшклянкі. З непрывычкі адразу ж закружылася галава, і ён, апынуўшыся ў сваім галавакружным свеце, неадрыўна глядзеў у той бок, дзе сядзела Надзя - так звалі бялянку. У думках ён ужо ахрысціў яе па-албанску - Шпрэсай. Бо менавіта так гучала на ягонай мове салодкае слова Надзея.

Калі сядалі ў аўтобус, ён зайшоў апошнім і з панылым сэрцам заўважыў, што Бяльзацкі плюхнуўся на сядзенне поруч з Надзяй, але дзяўчына, паляпаўшы таго па плячы, прамовіла: «Гэта месца занятае».

Яны ехалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы і прыціснуўшыся адно да аднога плечукамі. Спадарожнікі гарлалі песні, кулялі чарку, Дрытэра спрабаваў граць на кларнеце, а ўжо дарэшты ўпіты Бяльзацкі раз за разам гукаў тост за савецка-албанскае сяброўства, але Петрыт нічога гэтага не чуў і не бачыў. Ён проста плыў, шчаслівы і бязважкі, на хвалях шалёнага кахання.

Аўтобус, бразнуўшы сваім жалезным нутром, спыніўся. Надзея працерла рукой запацелую шыбу, падхапілася на ногі, з ціхім шкадаваннем у голасе прашаптала: «Я выходжу».

Наўкол панавала цемра і дзесьці на доле ляжала гронка дрогкіх агеньчыкаў.

- Ты можаш спазніцца ў інтэрнат, - прамовіла дзяўчына перад тым, як скочыць з прыступкі.

Дапамагаючы выйсці з аўтобуса, ён схапіў дзяўчыну за руку і не выпусціў нават калі тая паспрабавала, з відавочнай неахвотай, яе вызваліць. Узяўшыся за рукі, яны збеглі з дарожнага адхону і агледзеліся. Там, за ракой, гарэў агнямі горад, а тут, у прыбярэжнай вёсцы Якубоўка, было цёмна, і толькі адзін самотны ліхтар, што стаяў на вясковай вуліцы, спрабаваў змагацца з цямрэчай. Сэрца парывіста білася ў грудзях, і Петрыт, каб суняць хваляванне, кашлянуў у далонь.

- А вы тут жывяце?

- Я сама з Бабруйску. А тут пакой здымаю. У адной добрай жанчыны.

- А чаму не ў самім горадзе?

- У горадзе задорага, - з уздыхам адказала дзяўчына, і Петрыт адчуў, што задае недарэчныя пытанні.

- Сумна вам тут? - запытаўся ён пасля паўзы, адчуўшы, што Надзея, відаць, міжволі, сціснула ягоныя пальцы.

- Мне тут весела, як нікому. У гаспадыні дачка, на два гады ад мяне старэйшая. У «Культтаварах» працуе. Набыла кружэлак аж сорак чатыры штукі! Учора якраз пералічвала. Круціць іх цэлымі вечарамі. Займацца немагчыма.

Яны дайшлі да ліхтара і Надзея мочкі кіўнула на цёмную хату.

Петрыт сумеўся. Думаў, будуць ісці і ісці па гэтай самай Якубоўцы, а тут раптам трэба развітвацца. Ён вызваліў дзявочую руку, і Надзея, панурыўшы долу густыя вейкі, прашаптала:

- Я ледзь не расплакалася, калі ты спяваў.

Потым цмокнула аслупянелага спевака ў шчаку і, рыпнуўшы веснічкамі, знікла ў цемры.

У хаце засвяціўся, а потым патух зялёны абажур, дзесьці на другім канцы вуліцы азваліся пеўні, рыпнуў гармонік, а ён усё стаяў у коле рухавага святла, прыціснуўшы далонь да гарачай шчакі.

Раніцаю яго абудзіў Дрытэра.

- Уставай, гуляка.

Сябар ужо быў апрануты і гучна боўтаў лыжкай у шклянцы.

- Вось даведаецца Какошы, што па начах цягаешся і да хаты выправіць.

Какошы вучыўся на чацвёртым курсе і сачыў, каб ні ён, Петрыт, ні

Дрытэра не парушалі правілаў паводзінаў, якія яны, яшчэ перад адпраўкай у Саюз, мусілі вывучыць на памяць. Дрытэра казаў, што гэты смярдзяк нават кандуіт завёў, куды запісваў усе іхныя «грахі».

- Ты з ёю хаця б пацалаваўся? - запытаўся сябар, выціраючы пот з ілба, і ў гэты момант у пакой нячутна ўвайшоў той самы Какошы.

- Ну як канцэрт?

- Магутна! - Дрытэра задаволена крахтануў і сёрбнуў гарбаты. - Клуб ледзь не разнеслі ад воплескаў. Бяльзацкі кажа, што атрымаем граматы гаркама камсамолу. І Тодзі Любоню збіраецца ліста пісаць... з падзякаю за наш удзел у мастацкай самадзейнасці. - Тодзі Любоня быў першым сакратаром Звязу працоўнай моладзі Албаніі, і пасля мітынгу, калі іх выпраўлялі ў Саюз, паціснуў руку кожнаму студэнту.

- Добра, калі так, - муркнуў Какошы і гэтак жа нячутна знік за дзвярыма.

- Смярдзяк, - выдыхнуў яму ў след Дрытэра і гучна бразнуў аб стол зборнікам задач па супрамаце.

- А што, Бяльзацкі сапраўды збіраецца нам граматы даваць? - Петрыт, з цяжкасцю патрапіўшы нагой у калашыну, нацягнуў нагавіцы.

- Можа і збіраўся, а цяпер не дасць, - сябар піхнуў зборнік задач у пацёхканы партфель. - І ведаеш чаму? Таму што паклаў вока на дзяўчыну, а ты яе ўчора перахапіў.

Петрыт раптам знерухомеў, і сябар, ляпнуўшы яго па спіне, бадзёрым голасам выгукнуў:

- Давай, варушыся... на заняткі спазняемся.

VI

Масква сустрэла дробным дажджом і шэрым ранішнім прыцемкам. За вакном праплыў перон Кіеўскага вакзала, і цягнік, тузануўшыся на астачу, спыніўся.

Сустракаў албанскую дэлегацыю Хрол Казлоў - правая рука Хрушчова.

- Вітаем вас на савецкай зямлі, - прамовіў Казлоў, зняўшы капялюш. У хрушчоўскага памагатага была вялікая гламаздаватая галава, укаранаваная сівымі хвалістымі валасамі.

Энвер парукаўся з тузінам савецкіх чыноўнікаў, адзначыўшы, што традыцыйных піянераў з кветкамі на пероне не было, аднак рота ганаровай варты стаяла роўным шыхтом, і ваенны аркестр ужо гатовы быў грымнуць гімн ягонай краіны.

Жаўнеры, пад гукі маршу, прайшліся па лужах, зыкі медных труб яшчэ луналі ў вільготным паветры, а ім на змену, ад вакзальнага будынку, загучалі дружныя воплескі і воклічы «Рофт парція э Пунэс!»

- Нашы студэнты, - прамовілі за спінай, і Энвер памахаў студэнтам рукой.

Натоўп у некалькі соцень чалавек прарваў міліцэйскае атачэнне, кінуўся на перон. Поціскі халодных рук, гучнае скандаванне «Парці! Энвер!» ля самага вуха. Урэшце сам Энвер узяўся дырыжыраваць скандаваннем і выгукваць уласнае імя, тым часам як Казлоў, стоячы ў баку, нервова паглядаў на вакзальны гадзіннік.

- Вашых студэнтаў проста не ўтаймаваць, - прамовіў Казлоў, калі яны селі ва ўрадавую машыну.

- Яны вялікія патрыёты і ўсёй душой любяць сваю партыю і яе кіраўніцтва, - адказаў Энвер, і твар хрушчоўскага памагатага скрывіла іранічная ўсмешка. Гэтым самым памагаты хацеў сказаць: паспрабуй які албанец не пакрычы лозунгі ў твой гонар, ураз патрапіш на нары.

Машына на вялікай хуткасці ехала па праспекце. Усё наўкол патанала ў чырвані сцягоў. Ды яно і зразумела: заўтра 43-я гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі. Заўтра, ад самага ранку, ён уздымецца на трыбуну маўзалея і будзе глядзець на жаўнераў, што прамаршыруюць па брукаванцы Чырвонага пляцу. Але прыехаў ён у Маскву не дзеля таго, каб паглядзець на парад. Адразу ж пасля святаў у Георгіеўскай зале Крамля павінна пачацца нарада прадстаўнікоў камуністычных і рабочых партый, на якой ён, Энвер Ходжа, збіраўся даць бой хрушчоўцам-рэвізіяністам.

1 ... 4 5 6 7 8 9 10 11 12 ... 14
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў бесплатно.

Оставить комментарий

Рейтинговые книги