Албанскае танга - Вінцэсь Мудроў
- Дата:09.10.2024
- Категория: Разная литература / Прочее
- Название: Албанскае танга
- Автор: Вінцэсь Мудроў
- Просмотров:0
- Комментариев:0
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Мікола асуджана керхануў, памацаў Петрытава пісьмо, што ляжала ў нутраной кішэні, і кабета ўжо бадзёрым голасам паведаміла:
- А вы да Міканораўны зайдзіце. Ву-уунь сіні дамок... на тым баку вуліцы. Ёй ужо семдзесят пяць гадоў. Усіх тут ведае.
У двары сіняга дамка сабакі не было, і Мікола адным махам узбег на высокі ганак. Хацеў быў пастукаць косткамі пальцаў у дзверы, але яны самі адчыніліся, і на парозе паўстала ўскудлачаная дзяўчынёха.
- Заходзьце, бабуля вас ад ранку чакае.
Уражаны такой весткай, Мікола ўвайшоў у хату і пачуў ціхае вохканне. Вохкалі за стракатай фіранкай.
- Сённяшнюю ж ночку ўжо ж ледзь перажыла, - плаксіва заенчылі за фіранкай, і Мікола, зразумеўшы, што яго прынялі за лекара, пацёр далонню няголеную сківіцу.
Потым доўгіх дзесяць хвілінаў, ізноў-такі няўцямна і блытана, распавядаў хворай бабулі пра мэту свайго візіту, нарэшце тая залыпала вачанятамі і са стогнам прамармытала:
- Міронаўна, пра якую вы гаворыце, даўно памерла. А Нюрка хату прадала ды пабралася з нейкім вайскоўцам. Паехала некуды ў Калінінград, пажыла там год і развялася. Потым вярнулася і з нейкім - ці то армянінам, ці то грузінам - сышлася. - Бабуля з кожным прамоўленым словам жвавела і нават прыўзнялася на локці. - А армянін на базары кветкамі ды кавунамі гандляваў. І вось паехаў раз... ужо да сябе туды... па кветкі - і хвастом накрыўся...
- А дзе яна жыве? - запытаўся Мікола, дэманстратыўна зірнуўшы на гадзіннік.
- Хто, Нюрка? А во... у маласямейцы на Фестывальнай. Дом, дзе прадуктовая крама...
- А нумар кватэры?
- А нумара і не ведаю... толькі раз у яе была, - бабуля звесіла долу сінія ногі, крыкнула дзяўчынёсе: - Марутка, унучачка, а пазвані ж ты Спірыдонаўне... Даведайся - у якой кватэры Нюра жыве.
Пакуль унучка накручвала тэлефонны дыск, сямідзесяціпяцігадовая гаваруха пачала распавядаць пра Нюрчыны запоі.
- Сорак пятая! - крыкнула неўзабаве дзяўчынёха, з некім там пагаманіўшы, і Мікола падхапіўся на ногі.
- Дык паслухайце... спілася ж на голую бэлю, - прашамкала старая, але тут, на шчасце, пад вокнамі спынілася «хуткая дапамога», і госць, спатыкнуўшыся на парозе, выбег з хаты.
Мікола ехаў у бок Фестывальнай вуліцы і раз за разам паціраў далоні. Усё не даваў сабе веры, што так лёгка знайшоў Нюрчын адрас. Ён ехаў, невідушча пазіраючы ў тралейбуснае вакно і песцячы ў душы спакуслівую думку, што і сама Надзея жыве дзесьці тут, магчыма, на той жа вуліцы. Уявіў нават, як жанчына дрыжачай рукой возьме пісьмо, адвернецца да вакна, нязграбна надарве, і канверт падбітай птушкай упадзе да яе ног.
Вось так, з летуценнай усмешкай на твары, Мікола спыніўся ля парэпаных, даўно не фарбаваных дзвярэй і націснуў гузік званка. Адчынілі не адразу. За дзвярыма доўга нечым шамацелі, стукалі, нарэшце выгукнулі: «Зараз!» - і, нарэшце, перад Міколам паўстала цыбатая кабета з азызлым тварам і ўскудлачанай галавой.
- Вам каго? - запыталася кабета, захінаючыся ў задужа куртаты, як для яе веку, халат.
- Скажыце, а вы Нюра? - Мікола надаў голасу ліслівыя ноткі.
- Нюрай была ў дзяцінстве, а цяпер я Ганна... А што такое? - мяркуючы па тоне, кабета была не ў гуморы.
- Ведаеце, я шукаю адну жанчыну... яна жыла калісьці ў вас на кватэры...
Цыба колькі часу глядзела на яго прыпухлымі вачыма, усведамляючы
пачутае, нарэшце каротка выдыхнула: «Зайдзіце!»
Гаспадыня адразу ж патупала на кухню, і Мікола рушыў следам, з асцярогаю намацваючы нагамі падлогу. На кухні панаваў гармідар, і, што найбольш непрыемна ўражвала, гэта шклянкі ад маянэзу з пульхнатай цвіллю на дне, якімі быў застаўлены падаконнік.
- Яе Надзеяй звалі, - прамовіў госць, і гаспадыня, прыціснуўшы азадкам услон, з плаксівай інтанацыяй пралепятала:
- Колькі ж гэта гадоў прайшло? - Потым шморгнула носам, махнула рукой, каб госць таксама сядаў: - А вы кім ёй даводзіцеся?
- Ды, уласна кажучы, нікім. Проста адзін чалавек папрасіў знайсці яе адрас...
- Ці не той гэта балгарын? - перабіла гаспадыня, і госць, вытрымаўшы паўзу, удакладніў:
- Албанец.
- Ну так... албанец. Прыгожы быў хлопец. Высокі, зграбны. Нездарма Надзя ў яго так закахалася, - гаспадыня ўздыхнула, абцягнула куртаты халат, з-пад якога тырчалі сінютттныя калені. - Вы яе ўжо не знойдзеце. Надзя ў той жа год і памерла.
- Як гэта - памерла? - абурана выдыхнуў Мікола, нават паспрабаваў падняцца на ногі, але тут жа абмяк, паныла ўтаропіўся на засмечаную цыбульнымі шалупайкамі падлогу.
- Памерла... дакладней, яе машына збіла. А можа і сама пад колы кінулася, - ужо зусім плаксівым голасам паведаміла гаспадыня. - Нервы ў кабеты, відаць, былі дарэшты выматаныя.
Гаспадыня са стогнам паднялася, выпіла нагбом вады з чайніка.
- Гэта было ў 61-м годзе, дзесьці пры канцы кастрычніка. Даведалася, што албанцаў, якія ў нас вучыліся, у вязніцу пасадзілі. Вось і надумала ў Маскву паехаць, у нейкае там пасольства. Мы з маці яе і ўгаворвалі, і за рукі трымалі. Маўляў, куды ты паедзеш, хто там цябе будзе слухаць? Але ж вырвалася з нашых рук і паехала. Больш я Надзю не бачыла, - гаспадыня ізноў схапілася за чайнік, але піць не стала - не ведала, відаць, за што зачапіць рукі. - А праз колькі часу да нас нейкі мужчына прыйшоў. Малады такі, чарнявы. Сказаў, што з інстытута і што хоча паглядзець Надзейчыны сшыткі ды нейкія паперы. Папоркаўся ды пайшоў. А на наступны дзень ейная маці прыехала, уся заплаканая. Рэчы забрала.
Хвіліну яны маўчалі, і госць - проста так, каб парушыць напятую цішыню - запытаўся:
- Можа, якія лісты засталіся ці фотаздымкі?
Кабета ізноў прыклалася да чайніка.
- Дык я ж кажу - маці прыязджала... Сукенку, памятаю, забрала, хустку... прыгожую такую, блакітную... - гаспадыня, нібыта згадваючы штосьці, зірнула на пакрытую шэрымі пісягамі столь і ўраз акрыялым голасам выдала: - Ёсць адна рэч! Кружэлка засталася!
Цыба падхапіла ўслон, кінулася ў калідор.
- Вунь там, на антрэсолі, - весела выгукнула гаспадыня, і госць падзівіўся такому рэзкаму перападу яе настрою.
Мікола ўзлез на хісткі ўслон, адчыніў дзверцы. Уся антрэсоль, да самай столі, была забітая старымі кружэлкамі.
- Збірала калісьці. Цяпер не ведаю - куды падзець. Здымайце паволі, а я пераглядаць буду.Мікола зняў важкі стос, перадаў цыбе, і тая, сеўшы на канапу, стала перабіраць кружэлкі, называючы прозвішчы выканаўцаў: «Ніна Дорда... Георг Отс... Леанід Кастрыца... Гелена Веліканава...» Нарэшце радасна ўсклікнула:
- Вось яно, албанскае танга!
Пакруціўшы ў руках важкі, на 78 абаротаў, дыск, Мікола запытальна зірнуў на цыбу, і тая махнула адразу дзвюма рукамі:
- Ды бярыце, калі трэба. У мяне ўсё адно няма на чым іх круціць.
Мікола ішоў знаёмай вуліцай, махаючы ў такт хадзе поліэтыленавай торбай з кружэлкай. Дзіўнае пачуццё наведала той хвіляй душу: яму здалося, што ў албанскім танга ёсць нейкая таямніца, і што ўведаць яе можна толькі пачуўшы мелодыю. Але дзе знайсці радыёлу ці які стары прайгравальнік? Іх жа даўно павыносілі на сметніцы. І вось, перайшоўшы вуліцу, ён спыніўся перад домам, дзе жыў ягоны дружбак Сёмка Гармозін. Сёмку ён ведаў даўно - калісьці на пару ганялі рэйсавыя аўтобусы ў Бранск ды Кіеў, а цяпер разам працавалі «дальнабоямі». Якраз у таго Сёмкі ён і бачыў некалі старую радыёлу.
Дружбак сустрэў калегу з раскрыленымі рукамі.
- Калян! Прыехаў! А мы збіраліся па табе памінкі спраўляць.
У хаце, як заўсёды, пахла кавай, якую Сёмка піў у неверагоднай колькасці.
- Я ж таксама толькі раніцой у хату ўбіўся. Чатыры дні быў у дарозе - адстаў ад жыцця. Цяпер вось каву п’ю, што з рэйсу прывёз, ды газеты чытаю, - Гармозін ссунуў газеты на край стала, паставіў на стол яшчэ адзін кубак. - Ну дык распавядай - як з’ездзіў. Штосьці ты надта пахмурны. Здарылася што?
- Ды не, усё нармальна, - адказаў Мікола і заклапочана агледзеўся. - Слухай, я тут у цябе радыёлу бачыў...
- Якую радыёлу? - буркнуў Сёмка, праліўшы кіпень міма кубка.
- Ну якую... на якой кружэлкі круцяць.
- Позна заявіўся... Я гэтую гаргарыну даўно ў падвал аднёс. А ты што, з Албаніі кружэлкі прывёз? Ды, відаць, на 78 абаротаў? Казаў жа табе, што ў іх там каменны век на дварэ.
Гармозін раскроіў батон, падсунуў госцю цукарніцу.
- Ну дык што мне, у падвал перціся?
Госць у адказ перасмыкнуў плячыма.
- Ну, Калян, з табою не засумуеш. Добра, зараз прынясу, а ты пакуль «Народную газету» пачытай.
Калян таксама адстаў ад жыцця, таму з цікаўнасцю разгарнуў газету. Адразу на дзвюх палосах, дробным шрыфтам, быў надрукаваны праект новай канстытуцыі. Іншым разам ён бы такое не чытаў, а тут з цікаўнасцю стаў вадзіць носам па газетных радках.
Гармозін вярнуўся даволі хутка: з грукатам адчыніў дзверы і, незласліва мацюкаючыся, панёс радыёлу ў святліцу.
- «Беларусь-59». Ад бацькі засталася. - Сёмка крутнуўся, не ведаючы, куды паставіць радыёгаргару, і ўрэшце паставіў на часопісны столік. - Сыра ў падвале, маглі і кантакты паржавець.
- Смута. Ее герои, участники, жертвы - Людмила Евгеньевна Морозова - История
- Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке) - Василий Хомченко - Детектив
- Мутны Меконг - Вінцэсь Мудроў - Прочее
- Танго нашей жизни: Пара, в которой трое - Андрей Букин - Спорт
- Ноч маладзiка (на белорусском языке) - Андрей Дмитрук - Научная Фантастика