Дзённік 1993 - Неизвестно
- Дата:24.08.2024
- Категория: Разная литература / Прочее
- Название: Дзённік 1993
- Автор: Неизвестно
- Просмотров:0
- Комментариев:0
Шрифт:
Интервал:
Закладка:
Дэп. Какоўка: У Латвіі рубліс, выпаўшы з рублёвай зоны, пайшоў угору. А ў нас? Чаму мы не зрабілі гэтак? Хацелі жыць за чужы кошт? Трэба сесці за стол перамоў з Расіяй і ўсё чыста выкласці. Мы не бяром ні капейкі за чыгунку, за газапровад і многае іншае. Трэба даць больш прасторы прыватызацыі! — каб кожны паклапаціўся пра сябе, што ён будзе есці.
Дэп. Новік: Наш урад напорна імкнеца да дэстабілізацыі! Разам з Нацбанкам. Яны пагоршылі эканамічную сітуацыю ў краіне. Банк не кіруе сітуацыяй. Цэны выраслі на 5000 працэнтаў! Хіба гэта — не гіперінфляцыя? А хто атрымаў ільготны крэдыты? Нямногія. І несправядліва. Расія, маючы друкарскі станок для рублёў, нас душыць. Яна экспартуе інфляцыю ў нашу краіну. Наша багацце — высокакваліфікаваныя кадры. Нас рабуюць — праз фінансавую сістэму. Колькі ўвозіцца грошай з Расіі? Як кантраляваць грашовую масу? Ніяк.
І яе ніхто не кантралюе. І апошняе: патрабую ўвесці беларускую грашовую адзінку! (Ну малайчына, Новік! Во каго міністрам паставіць!)...
9 чэрвеня
Закон аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Гаркун (старшыня Камісіі па аграрных пытаннях): Камісія рэкамендуе замацаваць у Законе дзве формы ўласнасці: дзяржаўная і прыватная. Упершыню, калі мы абмяркоўвалі Праект на Камісіі, не было аднадушнага пагаднення. Пачалося галасаванне (паіменнае, бо надта важнае пытанне). За прапанову Камісіі — 194 галасы. За папраўку дэп. Лакцюшына (толькі дзяржаўная ўласнасць!) — усяго 41 голас. „Дзяды” атрымалі паразу. Дэп. Жук: Вясковыя людзі ўсе супроць прыватнай уласнасці на зямлю! Надта ж лёгка мы тут ставімся да выключна важнай праблемы! Дэпутат-ветэран Коваль: Ні ў якім разе! Ні пядзі прыватнай! Толькі дзяржаўная! Дэп. Какоўка: Усе мае выбаршчыкі — і за прыватную. „Аддалі б нам нашы прысядзібныя кавалачкі!..” Дэп. А. Трусаў: А ўспомніце, як бальшавікі адбіралі ў сялян зямлю! ...
Дэп. Баршчэўскі: На сёння законапраект ужо састарэлы, але хоць гэткі трэба прыняць. (Састарэлы? Ужо? А які быў бы самы раз на сёння? Бальшавіцкі — з процілеглым знакам? Сацыяльны пераварот?) Дэп. Бамбіза: Давайце ўдасканалім Зямельны Кодэкс, які ёсць! З якой мэтай мы ўводзім прыватнае права на зямлю?
Дэп. Дубоўскі: Два гады працавалі над законапраектам у Камісіі. Праз дзесяць гадоў будзе трэба яго карэктаваць. Нічога страшнага для калгасаў у Законе няма. Тры-чатыры соткі зямлі — дайце людзям! Дайце! І ў сацыяльным плане — вялікая карысць!
Дэп. Зданевіч: „Вы!.. Вы! Вы!..” — з такім абурэннем і так рэзка крычаў на дэпутатаў — праціўнікаў прыватызацыі зямлі, то ў яго адабралі мікрафон. Як вадой сцюдзёнай абдалі!..
Дэп. Гаркун: Продаж зямлі ўсё адно ідзе! Але — падпольны. Незаконны. Без дазволу дзяржавы, у абыход Закона. Дэп. Лукашэнка: Хто пралічыў, што будзе з эканомікай, калі пачнецца купля і продаж зямлі? Дэп. Марыніч: Увесь свет чакае, калі ён зможа ўкладаць інвестыцыі ў эканоміку Беларусі. Дэп. Малашка: Трэба выдзяляць зоны, дзе могуць у нас купляць зямлю замежнікі, каб — не ўсюды, дзе ім захочацца, не любы ласы кавалак!..
10 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Зарэцкі: Пакуль не вызначылі, якое грамадства мы хочам пабудаваць, — няма сэнсу прымаць закон аб праве ўласнасці на зямлю. І не трэба ставіць сёння пытанне аб прыватнай уласнасці на зямлю. Гэтаксама і наконт прыватызацыі дзяржаўнай маёмасці. (Правільна! Сур’ёзная перасцярога!) Дэп. Сечка праінфармаваў аб стварэнні дэпутацкай групы „Згода”. У групу ўвайшлі: Сапронаў, Карпенка, Марыніч, Булахаў, Даўгалёў, Драбышэўская, Сукач, Сярдзюк, Кічкайла і інш. — усяго 20 чалавек. Цікава, хто ініцыятар стварэння „Згоды”? І на якой платформе згода? Што агульнага, напрыклад, у Карпенкі з Булахавым?
Дэп. Волкаў: Калі Беларусь пакінулі стратэгічныя сілы СССР, засталіся пуставаць 150 ваенных гарадкоў. Гэта — багацце беларускага народа. Размешчаны яны ў экзатычна прыгожых мясцінах: зялёных, чыстых, упарадкаваных. Іх трэба аддаць для чарнобыльскіх дзяцей — для аздараўленчых комплексаў. Іначай гэтыя гарадкі захопяць камерцыйныя структуры. (Правільна, сп. Волкаў! Абавязкова захопяць! І не агледзімся, як захопяць. Вельмі слушна сказалі!)
Працяг абмеркавання закона Аб праве ўласнасці на зямлю. Дэп. Грынёў: артыкул аб чарнобыльцах і чарнобыльскіх землях не ўзважаны, з істотнымі заганамі. Дэп. Скарабагацька падтрымлівае Грынёва і патрабуе артыкул зняць і дапрацаваць. Дэп. Смоляр абвяргае Грынёва, яго заўвагі трэба абмеркаваць асобна. Дэп. Лукашэнка: па Смоляру — дык там жывуць не людзі. Гэтага артыкула мала, трэба даць яшчэ адзін артыкул аб абароне чарнобыльцаў!
Дэпутат-генерал Гетц: трагедыя ў тым, што ўсё гэта транслюецца па тэле. „Товарищ Лукашенко! Или оставьте этот Верховный Совет, или перестаньте заниматься словоблудством!”
Дэп. Станкевіч: Хопіць спекуляваць на чарнобыльскай тэме! Не бяры, не прыватызуй, калі забруджаная — і ўсё!
Дэп. Сасноў: Ідзе свядомая блакіроўка Закона — і толькі! Блакіроўка „чарнобылем” — каб не зрабіць хоць маленькі крок наперад да прыватнай уласнасці на зямлю.
11 чэрвеня
„Рознае”. Дэп. Сапронаў выказаў абурэнне, што на яго запыт міністру няма ніякага адказу. „Гэта дзяржава — ці што? Адно прадпрыемства спаганяе з другога плату ў валюце, не маючы ніякага юрыдычнага права! Ідзе нарастанне крытычнай масы! Скора выбухне!..”
Дэп. Сумар — аб бясчынствах у сферы рынку збыту, аб бедах вытворцаў гародніннай прадукцыі.
Дэп. Зяленін: што за парадак і дысцыпліна? Зарэгістравана 232 дэпутаты, а ў зале — 156. Суседзі рэгіструюць адсутных! Трэба пазбавіць такіх дэпутатаў мандата і правесці ў акругах новыя выбары! Чаму пакрываем мы іх?
Пытанне „Аб статусе дзяржаўнай граніцы”. Дэп. Бачароў зрабіў добры аргументаваны даклад. Прагаласавалі: за — 202. Упэўнена прайшло. Цікава, як некаторыя пытанні праходзяць. Здавалася б, у пафасе многіх прамоўцаў: „Ніякіх граніц! Ні з Украінай, ні з Расіяй!” А вось жа прагаласавалі. Значыць, за „адмежаваную” Беларусь?..
15 чэрвеня
У „Розным” — дэп. Піскароў, іранічна кагось цытуе: „Вярхоўны Савет працуе добра?”. Нельга так ацэньваць работу ВС — калі рэзка павышаюцца цэны, ідзе сацыяльнае расслаенне грамадства. „Даць сацыяльна-эканамічную інфармацыю”, — гэта — да Шушкевіча і Кебіча.
Дэп. Вярцінскі А. І. даў адпор выдавецтву „Эрыдан” за яго праект Закона аб мовах. Зачытаў зварот гр. Саламонава ў абарону беларускай мовы. Дэп. Лукашэнка: патрабуе неадкладнай справаздачы кіраўнікоў дзяржавы аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне. І прафсаюзаў таксама! І нельга спешна згортваць работу Сесіі! (А гэта правільна.)
Закон Аб дзяржаўнай службе (працяг абмеркавання). Дэп. Заблоцкі. Зноў: у служачых трэба прымаць прысягу! Паставілі на галасаванне. За — усяго 167. Завязалася спрэчка. За прысягу выступілі дэпутаты Вярцінскі (А. І.), Грыб. А дэп. Савіцкі супроць (іранічна-здзекліва). Дэп. Бабачонак: або здымайце законапраект зусім — або абавязкова з прысягай! Яшчэ раз заклікае галасаваць за прысягу Заблоцкі, спасылаецца на Гарыбальдзі: „Создали идеалы, теперь создадим гражданина” (мудра!). Зноў на галасаванне — і зноў недабор. Не праходзіць! Цікава! Не хочуць нашыя дэпутаты цырыманіялаў!
16 чэрвеня
Рознае. Дэп. Ваўчэцкі (з нашай Камісіі) зачытаў пастанову прафсаюза аб забастоўцы настаўнікаў з 1-га верасня, калі не павялічаць зарплату. (Правільна! Колькі можна цярпець жабрацкае становішча?) Дэп. Какоўка зачытаў Зварот калектыву рабочых завода і гарадскога Савета дэпутатаў (г. Наваполацак). Б’е Кебіча за. мае час наведаць фестываль у Маладзечне, лікёра-гарэлачны завод і пахваліць прадукцыю, а на наш горад часу не мае.
Дэп. Баршчэўскі. Услед за Валчэцкім гаворыць пра мізэрную зарплату работнікаў адукацыі. Зарплата служачых у прамысловасці ўсё ж на 50 і нават на 70 працэнтаў большая, чым у настаўнікаў.
Дэп. Бойка — аб папярэджанні рабочых прафсаюзаў: патрабуюць адмяніць падаткі на дабавачную вартасць. Ужо на гэтай сесіі трэба разгледзець пытанне аб эканамічна-сацыяльным становішчы ў Рэспубліцы.
Аб прыватызацыйных чэках. Дэп. Кудравец. „Прыхватызацыя” ідзе ўжо на мільярды, а не на мільёны. Трэба вярнуць усё да нуля назад — дзяржаве і тады пачаць спачатку — сумленна, па закону. (Гэта тысячу раз правільна! Толькі так!)
Дэп. Баршчэўскі і ўслед дэп. Трусаў: ні ў якім разе не прыватызаваць бібліятэкі і музеі! Гэта пярэчыць Закону аб культуры! Паставілі на галасаванне. За іх прапанову — 220. Брава! Хоць гэтыя аб’екты культуры пакінулі дзяржаве.
17 чэрвеня
У „Розным”. Дэп. Лябедзька: 240 дэпутатаў прагаласавалі за агульныя стратэгічныя (ядзерныя) сілы (СНД-1). Гэта не клопат пра нейтральную Беларусь. А дзе гарантыя? Дэп. Пазьняк: без пэўных вызначальных палажэнняў прымаць Канстытуцыю няма сэнсу. БНФ — за парламенцкую рэспубліку! (Правільна! Толькі так! Толькі парламенцкая!)
- Тры таварышы (на белорусском языке) - Эрих Ремарк - Проза
- Аквариум. (Новое издание, исправленное и переработанное) - Виктор Суворов (Резун) - Шпионский детектив
- Русская жизнь-цитаты 21-31 мая 2024 - Русская жизнь-цитаты - Публицистика
- Радасць жанчыны (на белорусском языке) - Кузьма Черный - Русская классическая проза
- Час стендапа. Сборник рассказов - Оксана Петровна Асеева - Маркетинг, PR, реклама / Эротика, Секс