Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери
0/0

Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери

Уважаемые читатели!
Тут можно читать бесплатно Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери. Жанр: Научная Фантастика. Так же Вы можете читать полную версию (весь текст) онлайн книги без регистрации и SMS на сайте Knigi-online.info (книги онлайн) или прочесть краткое содержание, описание, предисловие (аннотацию) от автора и ознакомиться с отзывами (комментариями) о произведении.
Описание онлайн-книги Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери:
Читем онлайн Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+

Закладка:

Сделать
1 2 3 4 5 6

На зыходзе другога месяца Том Вулф вярнуўся на Зямлю.

Ён вярнуўся ў полымi, як у полымi i адлятаў, крокамi волата ён перасек космас i ўвайшоў у дом Генры Ўiльяма Фiлда, у бiблiятэку, дзе на падлозе грувасцiлiся стосы жоўтай паперы, скрэмзанай алоўкам або спярэшчанай радкамi машынапiсу; стосы гэтыя трэба было падзялiць на шэсць частак, з iх складаўся шэдэўр, створаны з неймавернай хуткасцю нечалавечай упартай працай, з пастаянным усведамленнем няўмольна мiнаючых хвiлiн.

Том Вулф вярнуўся на Зямлю, ён стаяў у бiблiятэцы Генры Ўiльяма Фiлда i пазiраў на аграмадзiны, што былi спароджаны яго сэрцам i яго рукою.

- Хочаш усё гэта прачытаць, Том? - спытаў стары.

Але ён пакруцiў масiўнай галавою, шырокай далонню адкiнуў назад грыву цёмных валасоў.

- Не, - сказаў ён. - Баюся пачынаць. Калi пачну, захочацца ўзяць усё гэта з сабою. А мне ж няможна забраць гэта дадому, праўда?

- Няможна, Том.

- А вельмi хочацца.

- Нiчога не зробiш, нельга. У той год ты не напiсаў новага рамана. Што напiсана тут, павiнна тут i застацца, што напiсана там, павiнна застацца там. Нiчога нельга змянiць.

- Разумею, - Вулф цяжка ўздыхнуў i апусцiўся ў крэсла. - Стамiўся я. Страшэнна стамiўся. Нялёгка гэта было. Але i здорава! Каторы гэта сёння дзень?

- Шасцiдзесяты.

- Апошнi?

Стары кiўнуў, i нейкi час абодва маўчалi.

- Назад у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмы, на могiлкi, пад камень, сказаў Том Вулф i заплюшчыў вочы. - Не хочацца мне. Лепей бы я пра гэта не ведаў, страшна ведаць такое...

Голас яго замёр, ён уткнуўся тварам у шырокiя далонi, ды так i застыў.

Дзверы адчынiлiся. Увайшоў Боўлтан з бутэлечкай у руцэ i спынiўся за крэслам Тома Вулфа.

- Што гэта ў вас? - спытаў стары Фiлд.

- Даўно знiшчаны вiрус, - адказаў Боўлтан. - Пнеўманiя. Вельмi старажытная i надзвычай лютая хвароба. Калi мiстэр Вулф прыбыў да нас, мне, само сабой зразумела, давялося яго вылечыць, каб ён мог справiцца са сваёю работай; пры нашай сучаснай тэхнiцы гэта было зусiм лёгка. Культуру мiкроба я захаваў. Цяпер, калi мiстэр Вулф вяртаецца, трэба будзе зноў прышчапiць яму пнеўманiю.

- А калi не прышчапiць?

Том Вулф узняў галаву.

- Калi не прышчапiць, у тысяча дзевяцьсот трыццаць восьмым годзе ён ачуняе i паправiцца.

Том Вулф падняўся.

- Дык як гэта? Папраўлюся, падымуся на ногi - там, у сябе, - буду здаровы, i магiльшчыкi застануцца з носам?

- Правiльна.

Том Вулф утаропiўся на бутэлечку, рука яго сутаргава тарганулася.

- Ну, а калi я знiшчу гэты ваш вiрус i не дамся вам?

- Гэтага нiяк нельга!

- Ну... а калi?

- Вы ўсё разбурыце.

- Што - усё?

- Сувязь рэчаў, ход падзей, жыццё, усю сiстэму таго, што ёсць i што было, што мы не маем права змянiць. Вы не можаце ўсё гэта парушыць. Безумоўна адно: вы павiнны памерцi, i я мушу пра гэта паклапацiцца.

Вулф паглядзеў на дзверы.

- А калi я ўцяку i вярнуся без вашай дапамогi?

- Машына Часу ў нас пад кантролем. Вы не можаце выйсцi з гэтага дома. Я вымушаны буду сiлком вярнуць вас сюды i зрабiць прышчэпку. Я прадбачыў, што пад канец ускладненняў не мiнуць, i зараз унiзе напагатове пяць чалавек. Варта мне гукнуць... самi бачыце, гэта бескарысна. Ну от, гэтак лепей. Вось так.

Вулф адступiў, азiрнуўся, паглядзеў на старога, у акно, абвёў позiркам прасторны пакой.

- Даруйце мне. Вельмi не хочацца памiраць. Ох, як не хочацца!

Стары падышоў да яго, сцiснуў яму руку.

- А ты паглядзi на гэта так: табе ўдалося небывалае - выйграць у жыцця два месяцы звыш тэрмiну, i ты напiсаў яшчэ адну кнiгу - апошнюю, новую кнiгу! Падумай пра гэта - i табе будзе лягчэй.

- Дзякуй вам за гэта, - сур'ёзна сказаў Томас Вулф. - Дзякуй вам абодвум. Я гатовы. - Ён закасаў рукаў. - Давайце вашу прышчэпку.

I пакуль Боўлтан рабiў сваю работу, Вулф вольнай рукою ўзяў аловак i на першым лiстку першай часткi рукапiсу вывеў два радкi, потым зноў загаварыў:

- У адной маёй старой кнiзе ёсць такая мясцiна, - ён нахмурыўся, прыгадваючы: - "...пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю... Хто валодае Зямлёю? I навошта нам Зямля? Каб вандраваць па ёй? Цi для таго нам Зямля, каб не ведаць на ёй спакою? Кожны, каму трэба Зямля, будзе мець яе, застанецца на ёй, супакоiцца на маленькiм шматку i будзе ў цесным куточку яе вечна..."

Вулф хвiлiну памаўчаў.

- Вось яна, мая апошняя кнiга, - сказаў ён потым i на чыстым жоўтым лiстку вялiкiмi чорнымi лiтарамi, моцна нацiскаючы алоўкам, вывеў: Томас Вулф - пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю.

Ён схапiў стос спiсаных лiсткоў, на момант прыцiснуў да грудзей.

- Хацеў бы я забраць яго з сабою. Быццам расстаешся з родным сынам!

Ён адклаў рукапiс, пляснуў па iм далонню, спехам пацiснуў руку Фiлду i пакрочыў да дзвярэй; Боўлтан падаўся за iм. На парозе Вулф спынiўся, асветлены перадвячэрнiм сонцам, вялiзны, велiчны.

- Бывайце! - крыкнуў ён. - Бывайце!

Грукнулi дзверы. Том Вулф знiк.

Нарэшце яго знайшлi, ён плёўся па бальнiчным калiдоры.

- Мiстэр Вулф!

- Га?

- Ну i напужалi вы нас, мiстэр Вулф, мы ўжо думалi, вы знiклi!

- Знiк?

- Дзе вы прападалi?

- Дзе? Дзе прападаў? - Яго вялi начнымi калiдорамi, ён пакорлiва iшоў. Ого, каб я i сказаў вам, дзе... вы ўсё адно не паверыце.

- От i ваш ложак, дарэмна вы паднялiся.

I ён апусцiўся на белую смяротную пасцель, ад якой iшлi слабыя чыстыя павевы ўгатаванага яму канца, блiзкага канца, што пахнуў бальнiцай; ён толькi дакрануўся да гэтай пасцелi - i яна паглынула яго, ахутала бальнiчным пахам i халоднай бальнiчнай белiзной.

- Марс, Марс, - шаптаў волат-асiлак у цiшы ночы. - Мая найлепшая, сама лепшая, сапраўды цудоўная кнiга, яна яшчэ будзе напiсана, будзе надрукавана, у зусiм iншы год, праз тры стагоддзi...

- Вы занадта ўзбуджаны.

- Вы так думаеце? - прамармытаў Томас Вулф. - Дык гэта быў сон? Магчыма... Харошы сон...

Яго дыханне абарвалася. Томас Вулф быў мёртвы.

Мiнаюць гады, на магiле Тома Вулфа зноў i зноў з'яўляюцца кветкi. I здавалася б, што ў гэтым дзiўнага, бо нямала ж народу прыходзiць яму пакланiцца. Але гэтыя кветкi з'яўляюцца кожную ноч. Нiбы з неба падаюць. Вялiзныя, колеру асенняга месяца, яны палымнеюць, iскрацца халаднаватымi падоўжанымi пялёсткамi, яны быццам белае i блакiтнае полымя. А ледзь толькi павее перадранiшнi ветрык, яны асыпаюцца серабрыстым дажджом, пырскаюць белыя iскры i растаюць у паветры. Мiнула ўжо многа, многа гадоў з таго дня, як памёр Том Вулф, а кветкi з'яўляюцца зноў i зноў...

(adsbygoogle = window.adsbygoogle || []).push({});
1 2 3 4 5 6
На этой странице вы можете бесплатно читать книгу Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери бесплатно.
Похожие на Пра вандроўкi вечныя i пра Зямлю (на белорусском языке) - Рэй Брэдбери книги

Оставить комментарий

Рейтинговые книги